Культура

3984

«Траецкія гулянні» адбыліся ў вёсцы Броннае Рэчыцкага раёну

 1

Напярэдадні ўбачыла аб’яву-запрашэнне на «Траецкія гулянні», якія мусілі адбыцца ў вёсцы Броннае ў нядзелю. Захацелася пабываць, бо ніколі не даводзілася прысутнічаць на падобным мерапрыемстве.

У нядзелю, сонечным цёплым днём, каля бронненскай бібліятэкі сабраліся на зялёнай паляне гледачы. Традыцыя так праводзіць мерапрыемствы ўсталявалася даўно па ініцыятыве гурта жанчын пад кіраўніцтвам Галіны Кісель, сустрэчы носяць назву «Бібліятэчныя вячоркі».

На імправізаванай сцэне-паляне, акружанай бярозамі, злева было відаць частку сялянскай хаты, убранай кветкамі, вышытымі ручнікамі, а таксама стол з прысмакамі, а побач – калодзеж. Гаспадыня чакала гасцей.

На фоне спеваў «Ой, Троіца, Троіца» дзіцячы калектыў, па-святочнаму ўпрыгожаны вянкамі, наблізіўся да бярозак і павязаў іх стужкамі, дзеці паклалі кветкі. Папрасілі дазволу гуляць, бярозку аздабляць і вянок на цэлы год сплесці. Суправаджаецца гэтая дзея карагодамі, спевамі, вершамі. Вяскоўцы з задавальненнем слухалі выступленні самадзейных артыстаў.

Раптам на паляну выйшлі жанчыны ў нацыянальных строях з вянкамі на галавах, з рознымі пачастункамі. Дзве жанчыны перахрысціліся і тройчы пацалаваліся праз вянок. Гэта яны так кумяцца. Прагучала папярэджанне маладым: хадзіць замуж не вясной, а восенню, калі ўсяго багата. У народзе кажуць: «Замуж выйсці не напасці, як бы замужам не прапасці». У старажытнасці добрай прыкметай лічылася сватанне на Троіцу, збор кветак і лекавых раслін, якія маглі вылечыць ад любой хваробы.

Ад адной жанчыны прагучала прапанова ўпрыгожыць «куст» і ісці валачобнічаць у вёску. І вось падышлі яны з песняй «Пойдзем, пойдзем лугам» да сялянскай хаты, дзе іх ужо чакае гаспадыня Соф'я Давыдзенка з рознымі стравамі. Валачобнікі праслаўляюць Троіцу і ўручаюць вянок «багацця і дабрабыту» гаспадыні. Потым гэты вянок кладуць на калодзеж, запальваюць чатыры свечкі, «як крыж», бяруць вядро з вадой з калодзежа і, перахрысціўшыся, кажуць:

Паліваю зямельку з вядра,

Каб вырасла ўсякага дабра,

Каб сонца свяціла,

Каб жыта радзіла.

Шмат пажаданняў пачулі гаспадыні ў гэты дзень, пазнаёміліся з абрадамі і павер'ямі. Так, аказваецца, першы дзень Троіцы называюць Зялёнай нядзеляй. Людзі павінны быць уважлівымі і асцярожнымі. Таму ў хатах стаяць духмяныя кветкі, а абразы ўпрыгожаны бярозавымі галінкамі. Гэта абярэг ад рознай міфічнай нечысці. Маладыя расліны сімвалізуюць дабрабыт, шчасце, і працяг жыцця. А ў гэты час сонейка свяціла, на бярозах птушкі спявалі і так светла, спакойна стала на душы.

Ды яшчэ канцэртная праграма развесяліла гледачоў. Любоў Гарбачэнка прачытала гумарыстычныя байкі, а Валянціна Гапоненка пакарыла ўсіх сваймі вясёлымі прыпеўкамі пра бронненскіх дзяўчат. Вельмі прыгожа спявалі Ніна Маеўская, Святлана Нікалайчык. Вясёлыя ўсмешкі свяціліся на тварах людзей. Артысты выконвалі песні па заяўках з імправізаванай залы. Пералівы баяна, на якім цудоўна акампаніравала Таццяна Стрыжак, гукі бубна, трашчотак нават паднялі з месца, каб патанчыць, аднаго з мужчын. Душа разгарнулася, бы тая кветка пялёсткі раскрыла ў цёплы дзень.

Хочацца сказаць вялікі дзякуй вучням 4–5 класаў Бронненскай СШ за іх выступленні: Настассі Кацура, Ганне Шалейка, Ксеніі Хрытатненка, Яўгеніі Чухраевай, Надзеі Гершань, Арыне Паветка, Вікторыі Атрашэўскай, Арцёму Старажэнку, Алегу Давыдзенку і іх матулям, якія дапамаглі дзеткам у падрыхтоўцы свята. І, зразумела, Галіне Кісель, якая сумела згуртаваць людзей вакол сябе ў гэтае свята і пазнаёміла з сэнсам Траецкіх гулянняў. Прыемна, што дзеці, удзельнікі гэтага свята, працягваюць духоўную спадчыну нашых продкаў, якая будзе жыць і захоўвацца.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети