Общество > Нам пишут

837

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Хутка прыйдзе Дзед Мароз

 +

У канцы восені маленькі Дзімка з маці прыехаў да бабулі з дзядулем у вёску ў госці. Тут усё цікава малому. Не тое, што ў вялікім горадзе.

Паветра чыстае, птушкі падлятаюць блізка-блізка. Уся вясковая жыўнасць навідавоку. Шмат пытанняў узнікае, а адказы ён знаходзіць у наваколлі ці разам з дзедам.

Раніцай у шыбу акна нехта пастукаў. Хлопчык прачнуўся, расплюшчыў вочы і прыслухаўся. Зноў пачуў нейкае царапанне. Зірнуў туды, адкуль чуўся гук. Праз шыбку на яго пазірала круглымі вочкамі-гузікамі шэрая птушка з жоўтым хвартушком-нагруднічкам. Дзімка ўсхапіўся з ложка і пабег да маці, яны з бабуляй гатавалі сняданак.

– Мамачка, бабулька! Мяне разбудзіла прыгожая птушка. Як яна завецца?

– Гэта сінічка кліча цябе на вуліцу. Штосьці хоча паказаць, – усміхаючыся, прамовіла баба Варка.

З дапамогай маці хлопчык апрануўся і выбег ва двор. З усходу чырвоным шарам выплывала сонца. Уся трава была пакрыта срабрыстым інеем. Дзе-нідзе ляжалі белыя лапінкі снегу, а лужыну скаваў люстраны тонкі лядок. Дзімка дакрануўся ручкай да паверхні.

– Ой-ёй! Холадна, марозна! – голасна ўсклікнуў малы.

Кінуўся хлопчык у хату і радасна закрычаў:

– Сёння ўночы нарадзіўся Дзед Мароз! Сінічка гэта мне хацела сказаць. Трэба яе аддзячыць.

Разам з дзядулем павесілі ў кармушку кавалачак сала. Хутка зацінькалі сінічкі, пырхаючы з галінкі на галінку, зазіраючы ў кармушку. Ім спадабаўся пачастунак хлопчыка. А Дзімка пачаў марыць:

– Хутка прыйдзе да іх у госці Дзед Мароз. Трэба рыхтавацца да сустрэчы.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity