Культура

573

Аб адной з бібліятэк Рэчыцы: ад кнiгасховища да сучасна-инфармацыйнага цэнтра

 +

Неяк справы прывялі ў Рэчыцкую дзіцячую бібліятэку № 3, што каля гарадской гімназіі.

Не паспеў адчыніць дзверы, як пачуў дзясяткі дзіцячых галасоў, а неўзабаве ўбачыў мноства маленькіх кнігалюбаў, якія надта горача штосьці абмяркоўвалі. Загадчык установы, а гэта Ала Адамаўна Гуз, паведаміла, што сумесна з Цэнтрам дашкольнага развіцця дзяцей бібліятэка наладзіла вячоркі «Сутракаем каляды». І сапраўды: цікава было бачыць задаволеныя твары ўдзельнікаў згаданага свята. А гэта і дзеці, і арганізатары, якім выпала рыхтаваць сцэнарый вечарыны, дбаць пра адзенне артыстам, выконваць галоўныя ролі: Каляды, Бабы Ягі, Казы, Барана ды Цыганкі.

Адчувалася па ўсім: мерапрыемства кранула душы маленькіх гледачоў ды ўдзельнікаў, то і праводзілася яно зусім не марна.

На мае пытанне: «Як сёння, калі ўмовы зусім няпростыя, бібліятэка працуе-выжывае?» – Ала Адамаўна без замінкі адказала, што ўстанова, якой загадвае, ды і аналагічна-іншыя, заўсёды з’яўляліся састаўной часткай навучальнага і выхаваўчага працэсаў, рупіліся пра значны ўнёсак у справу выхавання падрастаючага пакалення. Вось і сёння, калі ў грамадстве адбываюцца значныя змены, накіраваныя на фарміраванне рыначнай эканомікі, адраджэння нацыянальнай культуры і інш., само жыццё патрабуе новых падыходаў і пераацэнкі сутнасці выхаваўчага працэсу. Стаіць задача пераходу бібліятэк ад стану кнігасховішча да ролі сучаснага інфармацыйнага цэнтра. Менавіта таму, калектыў бібліятэкі № 3 у актыўным пошуку такіх форм і метадаў працы, якія б прыносілі найбольшую карысць.

Калі зазірнуць у гісторыю, дык можна бачыць: бібліятэка № 3 была створана вялікімі клопатамі Тамары Піліпаўны Сіроткі. Напачатку (з 1973 года) яна функцыяніравала пры сярэдняй школе № 4. Уласнае памяшканне атрымала толькі ў 1990-м.

Сёння ў фондах установы каля 30 тысяч кніг і часопісаў. У падпісцы – часопісы «Полымя», «Нёман», «Роднае слова», газеты «Рэспубліка», «Звязда», «Гомельская праўда», «Дняпровец».

Згаданае вышэй багацце можна ўзяць не толькі дамоў, але і знаёміцца ў чытальніцкай зале, разлічанай на 40 месц.

З 2011-га калектыў бібліятэкі № 3 узначальвае А. А. Гуз, сапраўдны руплівец сваёй справы. Але Адамаўне шчыра дапамагаюць Алеся Віктараўна Бруяка, Марыя Сяргееўна Рыжанкова ды Вольга Анатольеўна Сцефановіч. Усе яны, складаючы калектыў аднадумцаў, на справе здзяйсняюць вялікую выхаваўчую працу, якая, вобразна кажучы, фарміруе ў дзяцей «разумную галаву, добрае сэрца, умелыя рукі».

Стаць больш разумнымі, гэта, па сутнасці, навучыць дзятву думаць, аналізаваць, выказваць думкі. Што да «добрага сэрца», дык яно будзе ў школьніка тады, калі ў яго сфарміраваны паважлівыя адносіны як да самога сябе, так і да сваёй сям’і, чужых людзей, прыроды, усяго навакольнага асяроддзя.

«Умелыя рукі» – гэта практычныя навыкі па садзейнічанню быць гаспадаром не толькі дома, але і ў школе, грамадстве.

Калектыў бібліятэкі № 3 з вялікай адказнасцю падыходзіць да правядзення штогадовага «Тыдня дзіцячай кніжкі». Згаданае мерапрыемства стала традыцыйным у час зімовых і веснавых канікул. Межы тыдня прадугледжваюць святы кніжныя, літаратурныя віктарыны з такімі ж рынкамі, сустрэчы з пісьменнікамі-рэчычанамі, знаёмствы з іх творамі, агляды кніжных навінак. Усё, разам узятае, павышае чытацкі кругагляд, слоўны запас, дае магчымасць дыскусіі на прапанаваныя тэмы. А яшчэ спрыяе паляпшэнню вывучэння гісторыі сваёй краіны, нацыянальнай і сусветнай культуры.

Шмат што даюць «Дні праваслаўнай кніжкі» (праходзяць з удзелам святара Свята-Успенскага храма айца Алексія). Дзеці ў сваю чаргу бяруць актыўны ўдзел у пошуку неабходных матэрыялаў, афармленні выстаў і г. д.

Сталі традыцыйнымі вечары пад назвай «Любімы сэрцу горад», на якія запрашаюцца вядомыя людзі Рэчыцы, прадстаўнікі мясцовай улады, супрацоўнікі гарадскога музею, спецыялісты прадпрыемстваў. У час даных мерапрыемстваў прымяняюцца сучасныя відыаматэрыялы, а госці знаёмяць дзяцей з гісторыяй гораду, развіццём ягонай эканомікі і культуры, са слыннымі асобамі.

Па-сапраўднаму плённай можна лічыць цесную сувязь з метадычным кабінетам Цэнтра дашкольнага развіцця дзяцей (загадчык Аксана Васільеўна Галушкіна), з педагагічнымі калектывамі Рэчыцкай гімназіі і СШ № 10. Бо ў большасці мерапрыемстваў бібліятэкі навучэнцы згаданых устаноў бяруць удзел найбольш актыўны.

Бібліятэка № 3 садзейнічае фарміраванню ў сваіх чытачоў патрыятычнага выхавання. Так, перад Днем абаронцаў Айчыны наладжваюцца вечары «Я – будучы салдат». Па магчымасці запрашаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-афганцы. З дапамогай відэаслайдаў дзеці «бачаць» асаблівасцямі беларуска-сучаснай арміі. Прыклады гераізму згадваюць госці.

Ужо заўважана: калі вядучая пытаецца: «Кім вы хочаце быць?» – шмат хто з дзяцей марыць стаць лётчыкамі, маракамі, ракетчыкамі ды іншымі спецыялістамі вайсковай справы.

Звычайна, такія вечары заканчваюцца цікавымі гульнямі.

Для вучняў старэйшых класаў рыхтуюцца сустрэчы «за круглым сталом». Госці такіх мерапрыемстваў – медыкі, супрацоўнікі ваеннага камісарыяту і міліцыі, ветэраны вайны і працы. Тэмы ж самыя разнастайныя: ад СПІДу да працаўладкавання, развіцця рэлігіі ў сучасных умовах…

…На базе бібліятэкі № 3 праводзіўся семінар бібліятэчных работнікаў раёна пад назвай «Тэрыторыя чытання: вопыт работы з дзецьмі ў перыяд летніх канікулаў». Падставай стала тое, што калектыў А. А. Гуз мае па азначанай тэме багаты вопыт.

Так, напярэдадні самага доўгага адпачынку дзяцей памяшканні бібліятэкі аздабляюцца летняй тэматыкай, праводзяцца сустрэчы з чытачамі пад назвай «Добры дзень, лета! Добры дзень, сябар!».

Чытачы трох узроставых груп (малодшая, сярэдняя і старэйшая) атрымоўваюць прыгожыя буклеты са спісамі кніг, што трэба пачытаць улетку.

Наладжваецца конкурс «Хто больш прачытае кніг за лета?». Ягоныя вынікі падводзяцца ў верасні пры ўзнагароджванні пераможцаў. Дарэчы, апошнім часам лідарамі па летняму чытанню сталі Міша Барысаў і Дар’я Гурына (гімназія), Максім Рудэнка (СШ № 8).

Дзецям да спадобы тэматычныя выставы «Зіма», «Вясна», «Нацыянальныя рамёслы», «Беларускае адзенне» (праводзяцца сумесна з калектывамі сярэдніх школ № 4, 6 і 10, гімназіяй).

Вялікую цікавасць выклікаюць выставы ручных вырабаў пад назвай «Свет маіх захапленняў», актыўныя ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца чытачы, гурткоўцы гімназіі і СШ № 10, выхаванцы Рэчыцкага дома-інтэрната для дзяцей- інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Цалкам апраўдала сябе і «Чытацкая лаўка» у парку Перамогі. Калі нехта з бібліятэкараў разам з бібліятэчнымі актывістамі прыносяць цікавую літаратуру прама ў парк. А дзеці і бацькі, якія там адпачываюць, знаёмяцца з кніжнымі навінкамі «без адрыву ад прыроды».

Дзеці актыўна працуюць у гуртку па рамонту і рэстаўрацыі кніжак, як бы даючы ім другое жыццё.

 У чытальнай зале бібліятэкі абсталявана пастаянная кніжная выстава «Пісьменнікі і паэты Рэчыцы». Тут шмат твораў Уладзіміра Ліпскага, Васіля Ткачова, Уладзіміра Верамейчыка, Анатоля Караленкі, Вольгі Волах.

Запамінальнай стала сустрэча з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла ў рамках акцыі «Чытаем па-беларуску!». На падставе яе твораў была зроблена выстава «Жыві, наша слова!».

Жаданы госць бібліятэкі – рэчыцкі пісьменнік-казачнік Анатоль Караленка, дзякуючы якому адбываецца азнаямленне са здабычай беларускай нафты. Ягоная кніжка «Нафтаград» папоўніла паліцу аўтарскіх падарункаў.

Бібліятэчны стэнд «Экалогія нашага краю» знаёміць з падборкай спецыялізаванай літаратуры, якую аздабляе выраз выдатнага расейскага пісьменніка Федара Дастаеўскага: « Хто не любіць прыроды, той не любіць і чалавека, той не грамадзянін». Менавіта на базе бібліятэкі № 3 раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяроддзя правяла семінар «Бібліятэкі і экалагічная асвета: ад дасягнутага да новага».

Даючы рабоце калектыву бібліятэкі № 3 высокую адзнаку ў справе прававога выхавання школьнікаў, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь перадаў ёй камп’ютарнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне. Дзякуючы гэтаму ў юных чытачоў з’явілася магчымасць прававую рэчаіснасць «бачыць» з дапамогай адаптавана-зразумелай інфармацыі. Сайт спрыяе знаёмству з дакументамі па заканадаўчых правах і абавязках грамадзян Беларусі, ведаць пра негатыўныя наступствы супрацьпраўных дзеянняў.

Частымі гасцямі бібліятэкі № 3 з’яўляюцца супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі (выступаюць з гутаркамі, праводзяць віктарыны, адказваюць на пытанні).

Сумесна з ДАІ быў арганізаваны вечар, прысвечаны выкананню Правілаў дарожнага руха. Дзеці як бы зазірнулі ў Царства правілаў. Калі шлях ляжаў праз Горад дарожных знакаў. Дзяржінспектар жа кіраваў рухам тэхнікі і людзей, згадваючы памылкі і парушэнні.

Мерапрыемства завяршылася гульнёй «Вясёлы святлафор» ды адказамі на пытанні па тэме «Мы і вуліца».

Калектыў бібліятэкі прапанаваў бацькам прыняць удзел у чытанні кніг разам са сваімі дзецьмі. Праект меў назву «Я чытаю, я расту» і меў вялікі поспех.

…Радуецца душа, калі бачыш, як дзятва бяжыць да бібліятэкі
№ 3, цягнецца да кніжкі. То самі сабой згадваюцца словы знакамітага паэта і філосафа Узбекістана Наваі: «Милее книг в мире друга нет».

Дзякуй жа калектыву бібліятэчнай уставы, высакародная праца якой сціпла адлюстравана вышэй. То ж і далейшага поспеху!

Здымкі з архіва бібліятэкі № 3 кажуць самі за сябе

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети